РУС БЕЛ ENG

"Паедземце, дружа, во Ўшачы! Там зараз вясна, ды вясна..."

26.05.2022

"Паедземце, дружа, ва Ўшачы! Там зараз вясна ды вясна...", - такое запрашэнне калісьці на сваю радзіму зрабіла Е.Лось. А 25 мая падхапілі гэты кліч вучні і настаўнікі нашай школы, каб наведаць ушацкія мясціны, пра якія столькі чулі. Ушаччына літаратурная стала мэтай нашего падарожжа. "Дык ён жа наш зямляк!"- загарэліся вочкі ў нашых малых падарожнікаў, калі яны пачулі, што сам В.Быкаў у сваёй аўтабіяграфіі пісаў, што "нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 года ля Кубліч на Полаччыне". Так што самым дальнім пунктам нашага падарожжа стала радзіма вядомага пісьменніка, вёска Бычкі. Па дарозе мы не маглі не наведаць Кублічы, якія з'яўляюцца радзімай яшчэ аднаго пісьменніка, дэмакрата, аднаго з кіраўнікоў узброенага паўстання на Віцебшчыне 1863-1864 гг. Арцёма Вярыгі-Дарэўскага, у память аб якім тут, у цэнтры аграгарадка, устаноўлены валун. Гэта імя стала нашым першым адкрыццём. У Кублічах вучыўся з 5 класа і маленькі Васіль Быкаў. Менавіта яго дзіцячымі сцежкамі ехалі ў той дзень і мы. Слабодка- сюды з 2 па 4 клас хадзіў у школу малы Быкаў. Родныя Бычкі, пасярэдзіне вёскі могілкі, дзе пахаваны родныя пісьменніка. На помніках бацькоў так і выбіта: "бацька пісьменніка", "маці пісьменніка". Музей-сядзіба вядомага пісьменніка на самым краі вёскі ўразіла сваёй сціпласцю, якая сведчыла аб тым, што лёс не песціў гэтага чалавека, а загартоўваў ужо з самага дзяцінства. Інтэр'ер тыповай вясковай хаты зараз дапоўнены кнігамі пісьменніка, які праславіў на ўвесь свет гэту маленькую аддаленую вёсачку. З музея мы праехаліся той дарогай, па якой басанож бегаў маленькі Васілёк: міма паварота на Белюкоўшчыну, дзе знаходзіцца яго любімае возера Гародня, светлы ўспамін дзяцінства. Чарапоўшчына. Дарошкавічы. Селішча- рэшткі касцёла, які ў сваім першасным выглядзе данёс да нас у малюнку менавіта Быкаў. Дарэчы, гэта таксама стала для нас адкрыццём, што ён добра маляваў і мог стать мастаком. Праз малюнкі пісьменніка мы ўбачылі, як выглядала яго родная хата. Наступным прыпынкам сталі Ўшачы. У музеі Народной славы мелі магчымасць убачыць кнігі з аўтографамі Е.Лось, С.Законнікамі, В.Быкава, П.Броўкі, Р.Барадуліна. Дарэчы, адзін з аўтографаў апошняга найбольш спадабаўся сваёй арыгінальнасцю: "ад ушацкага мальца". Прыгожай фотазонай стаў інфармацыйны стэнд у форме разгорнутай кнігі з радкамі Е.Лось, размешчаны каля раённай бібліятэкі, якая носіць яе імя. Бачна, што жыхары раёна ганарацца сваімі славутымі землякамі: іх партрэты змешчаны на раённай Дошцы гонару. Ушацкая сярэдняя школа на ліцавой сцяне ўвекавечыла сваіх выпускнікоў Р.Барадуліна, Е.Лось і артыста Г.Гарбука на банэры. Нікога не пакінула абыякавым наведанне магілы Р.Барадуліна і яго маці. А ля роднай хата народнага паэта міжволі ўспомнілася радкі "Ля весніц толькі зноў твой вяз крануў галінкамі за плечы", бо да дрэў, пасаджаных самім Барадуліным, мы змаглі ў той дзень дакрануцца. Уражанняў ад гэтай літаратурнай паездкі нам зараз хопіць надоўга!

ФОТАРЭПАРТАЖ МОЖНА ПАГЛЯДЗЕЦЬ ТУТ